Запрашаем крочыць разам у Будслаў
- Падрабязнасці
- Апублікавана 18.06.2022 17:02
Ужо вельмі хутка распачнецца пілігрымка на ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай, якія ў гэтым годзе адбудуцца 1-2 ліпеня. Будслаўскі фэст у 2022 годзе пройдзе пад дэвізам «Каралева супакою, маліся за нас». З праграмай урачыстасці можна азнаёміцца тут>>
Пешая пілігрымка з Глыбокага распачнецца 29 чэрвеня 13.00 у парафіяльным касцёле. Ідзём тры дні, шляхам праз Дзеркаўшчыну (начлег у мясцовых парафіян) і Сітцы (начлег у парафіян і ў школе).
Асабісты ўнёсак пілігрыма складае 15 руб, калі ідзе сям’я з дзецьмі, то для дзяцей - 10 руб. Арганізацыйнае спатканне для пілігрымаў будзе ў панядзелак (27 чэрвеня) пасля вячэрняй Імшы. Для вяртання пілігрымаў будзе арганізаваны аўтобус. Як і штогод ёсць магчымасць паехаць у Будслаў аўтобусам на вечар і ноч (ад’езд 1 ліпеня ў 18.00) і раніцай 2 ліпеня (ад’езд у 7.00). Ад’езд ад касцёла. Перадаплата за ўсе аўтобусы - 10 руб.
Увага! Апошні дзень запісу ў пешую і аўтобусныя пілігрымкі - 26 чэрвеня.
Важна! Дзеці да 16 гадоў павінны быць з бацькамі ці апекунамі (з пісьмовым дазволам ад бацькоў). Дзеці да 18 год павінны мець пісмовы дазвол ад бацькоў.
Адказны — кс. Алег Зямчонак.

Перш чым вырашыць, ісці або не ісці ў пілігрымку, неабходна вызначыцца — навошта? Пілігрымка — гэта не паход і не забава, а вельмі сур'ёзная рэлігійная справа. Трэба быць гатовым да выпрабаванняў, да адказу ад пэўных выгод, да строгай дысцыпліны, да магчымых непрадбачлівых сітуацый. Дзеля чаго я хачу ахвяраваць свой час і свае сілы? У кожнага можа быць свой адказ: каб падзякаваць Пану Богу за ласкі, якія ён спасылае, каб памаліцца за сябе або сваіх блізкіх, каб разабрацца ў сабе і атрымаць духоўную падтрымку і г.д. Мэта (інтэнцыя) можа быць рознай, але яна абавязкова павінна быць, бо толькі тады выпрабаванні не будуць марнымі, а прынясуць багаты духоўны плён.
Што браць?
• малітоўнік, ружанец, спеўнік;
• адпаведнае адзенне (ніякіх адкрытых маек, шортаў і спадніц міні) і зручны абутак (+ зменны, на выпадак дажджу і непрадбачлівых сітуацый). Варта ўлічваць, што надвор'е можа быць розным, таму абавякова неабходна ўзяць цёплыя рэчы.
• галаўны ўбор;
• дажджавік;
• сродкі асабістай гігіены, эластычны бінт і неабходныя лекі;
• пластыкавы або металічны посуд (кубак, глыбокая талерка і лыжка). Пілігрымы будуць забяспечаны абедамі;
• карымат і спальнік (альбо плед) для начлегу ў школе і ў намётах (у Будславе), калі ёсць свой намёт – яшчэ лепш, бяры і яго, калі плануеш начлег у Будславе.
• сіняя майка “Пілігрым з Глыбокага”. Калі хто не мае, у канцылярыі яшчэ ёсць некалькі з мінулых гадоў, але толькі аднаго памеру L.
Што класці ў заплечнік на дзень?
• большасць з узгаданага вышэй,
• бутэльку з чыстай вадой, яна лепш наталяе смагу, чым салодкія напоі.
• перакус (сухое пячэнне, арэхі, садавіну, бутэрброды і інш.) з улікам надвор'я, каб не сапсавалася.
• іншыя неабходныя рэчы, але памятайце, што вам іх трэба несці ўвесь шлях. Астатнія рэчы (багаж) будуць перавозіць ад месца начлегу да наступнага месца начлегу.
Як паводзіць сябе ў пілігрымцы?
• Пілігрымка — гэта супольнасць, адна сям'я, таму выкананне патрабаванняў кіраўніка пілігрымкі абавязкова для кожнага, без нараканняў.
• У дарозе ёсць час на малітву, на рэлігійныя спевы, на адпачынак. Імкнёмся рабіць усё разам.
• Стараемся заўважаць патрэбы тых, хто з намі побач: можа неабходна дапамагчы паднесці заплечнік, аказаць медыцынскую дапамогу і г.д. Не трэба думаць, хто гэта толькі іх праблемы
• Пілігрымаў у дарозе сустракаюць вернікі, частуюць і забіраюць на начлег. Не забываем быць удзячнымі тым, хто праяўляе свой клопат пра нас, нават калі нам нешта не да спадобы. Памятаем, што нам ніхто нічога не павінен. Пакідаем чысціню і парадак у тых месца, дзе бываем.
• Падчас шляху кожны пілігрым павінен пранесці крыж, харугву, тубу ці сцяг - не забываемся пра гэта. Важна таксама змяняць тых, што нясе крыж і харугву, асабліва ў ветранае надвор'е, калі іх несці цяжэй.
• Не забываем пра сакрамант споведзі.
Неабходную інфармацыю пра пілігрымку, а таксама ўсе фота і відэа пасля пілігрымкі шукайце ў сацыяльных сетках пад хэштэгам #ГлыбокаеБудслаў2022